Прэс-служба прэзыдэнта Аўстрыі пацьвердзіла Радыё Свабода, што 12 лістапада Лукашэнку чакаюць зь візытам у Вене.
У панядзелак пра «нармальны паўнавартасны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Эўразьвяз» заявіў міністар замежных справаў Уладзімер Макей. Пра гэта ён распавёў падчас адкрыцьця форуму «Менскі дыялёг».
– Прыйдзе час і зьезьдзіць. Празь некаторы час вы даведаецеся пра гэта. – сказаў Макей.
У той жа дзень увечары інфармацыя пра магчымы візыт Лукашэнкі ў Эўразьвяз зьявілася ў некаторых тэлеграм-каналах. Паведамлялася, што ён ў лістападзе наведае Аўстрыю.
У аўторак Свабодзе пацьвердзіла гэтую інфармацыю прэс-служба аўстрыйскага прэзыдэнта Аляксандра ван дэр Бэлена. Прэсавы сакратар прэзыдэнта Райнгарт Пікль-Герк распавёў, што Аляксандар Лукашэнка мае сустрэцца з прэзыдэнтам Аўстрыі, аднак дэталі візыту паабяцаў агучыць пазьней.